Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча»
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх жадаючых на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”.
21 сакавіка адзначаецца 180-годдзе з дня нараджэння знакамітага паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката Францішка Багушэвіча. Сваё 30-годдзе святкуе сёлета і ўнікальны для краіны музей – “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”.
Блізкія сэрцу Францішка Багушэвіча мясціны, уцалелыя будынкі з усёй прылеглай тэрыторыяй, самі краявіды, дарогі, з якімі было звязана яго жыццё, маюць вялікае значэнне для вывучэння і асэнсавання творчасці пісьменніка. Сярод прадстаўленых на экспазіцыі матэрыялаў – рэдкія фотакарткі і рэчы сям’і пісьменніка, радавод Багушэвічаў, рарытэтныя выданні твораў і бясконцыя краявіды кушлянскага кутка ў фатаграфіях майстроў. Экспазіцыя дае адказ на пытанне, як захавалася і паўплывала на творчасць пісьменніка унікальная сядзіба ХІХ ст.
Запрашаем убачыць “Бласлаўлёныя Кушляны” аўтара першага літаратурнага маніфеста і легендарных слоў “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21; 335-44-47.
Падрабязней аб мерапрыемстве: http://bellit.museum.by