Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»
З 18 мая 2021 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.
Выстава будзе экспанавацца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф.М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.
Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821 — 1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.
На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.
На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф.М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф.М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.
Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2021 г.
Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)
Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21, (017) 374-72-61.
Источник: http://bellit.museum.by