Парламентарызм у кантэксце часу
У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Парламентарызм у кантэксце часу”.
На экспазіцыі размешчаны матэрыялы, дзе распавядаецца пра вытокі, станаўленне, развіццё і сучасныя тэндэнцыі беларускага парламентарызму. Каштоўнымі крыніцамі, якія раскрываюць старонкі айчыннага парламентарызму, дапамагаюць асэнсаваць яго значэнне для грамадства, з’яўляюцца заканадаўчыя дакументы розных часоў, працы навукоўцаў, даследчыкаў і іншыя матэрыялы. Асобным блокам прадстаўлены экспанаты, дзе адлюстроўваецца вопыт замежных краін па азначанай тэматыцы.
На выставе можна ўбачыць наступныя выданні: М. Ковалевский “Что такое парламент” (СПб., 1906), К. Соколов “Парламентаризм: опыт правовой теории парламентарного строя” (СПб., 1912), И. Лаппо “Литовский статут 1588 года” (Каунас, 1936), “Свод местных законов западных губерний” (СПб., 1910), “Канстытуцыя БССР” (Мн., 1927), Г. Василевич “Парламент Республики Беларусь” (Мн., 1995), В. Энсон “Английский парламент, его конституционные законы и обычаи” (СПб., 1908), H. Morrison “Parliament: what it is and how it works” (London, 1935), А. Саидов “Национальные парламенты мира” (М., 2005), матэрыялы сесій Вярхоўнага Савета БССР за 1940-1980 гг. і шмат іншых цікавых дакументаў розных гадоў.
Большасць матэрыялаў выставы захоўваецца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі. Наведвальнік экспазіцыі валодае ўнікальнай магчымасцю ўбачыць разам шэраг кніг, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю і нацыянальнай каштоўнасцю.
Пазнаеміцца з экспазіцыяй можна па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (правае крыло Дома Урада) да 15 чэрвеня 2017 года.
Для наведвання Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь патрабуецца пашпарт або чытацкі білет.